Ботаникс - часопіс аб раслінах і садаводстве

беларуская вэрзія

Пальма Parajubaea torallyi

Parajubaea torallyi ёсць адна з найпрыгажэйшых і найтрывалейшых пальмаў Паўднёвай Амерыкі. Як Вам гэта імя нічога не гаворыць? Нядзіўна. У Еўропу праз вялікае насенне (з гэтым звязаны вялікія выдаткі на транспартаванне) яна завозіцца зрэдчас. Таму па-за Балівіяй гэты прываблівы від пальмы Вы можаце спаткаць вельмі рэдка.

У прыродзе яна сустракаецца ў сухіх далінах балівійскіх Андаў на вышыні 2700–3400 метраў над узроўнем мора, гэта пальма, якая расце найвышэй у свеце. Тэмпература рэдка калі дасягае 20 oC, а начныя прымаразкі нярэдкасць. На працягу зімовых месяцаў (ліпень, жнівень) тэмпература часта паніжаецца да –7 oC. Тут гадавыя ападкі ледзьве дасягаюць 550 мм, што менш чым у найсушэйшых месцах паўднёвай Маравіі. Дзякуючы высокагорнаму клімату натуральнага арэала росту гэта холадаўстойлівы субтрапічны від пальмы, таму пры спрыяльных умовах яе можна вырошчваць у Міжземнамор’і ўвесь год на вольным паветры. У нас на зімовыя месяцы яе неабходна перанесці ў немарозаўстойлівае памяшканне, дзе без шкоды для сябе яна перажыве тэмператры каля 0 oC. Марозаўстойлівасць у Еўропе роўная мінус 3 oC. Найніжэйшай тэмпературай, якую перажыла пальма ў культуры, была –8 oC. Хаця расліны і паскідалі ўсё лісце, але выжылі, а ўвесну зноў вырасла новае лісце.

У Балівіі яна дасягае вышыні 14 м, з дыяметрам ствала 25–35 см. Стогадовыя экзэмпляры дарастаюць да 30 м, з дыяметрам ствала да 50 см. Прываблівую карону ўтвараюць прыкладна 20 лістоў, якія дарастаюць да 5 м даўжыні. У культуры, па-за родным краем, пальма вырастае да значна меншых памераў.

У прыродзе яна расце ў 2 асобных папуляцыях, якія адрозніваюцца па памеры насення. Parajubaea torallyi вар. torallyi мае насенне, якое вырастае да 7 см, у той час як яе варыянт з меншым насеннем Parajubaea torallyi вар. microcarpa амаль у 3 разы меншае і хаця візуальна яны адрозніваюцца адна ад адной мінімальна, у прыродзе меншы варыянт не дарастае да вышыні сваёй сваячкі з вялікім насеннем.

У Балівіі Parajubaea torallyi ёсць улюбёная расліна, якая высаджваецца ў гарадскіх парках і абапал вуліц. У Эквадоры і ў паўднёвай Калумбіі ў гарадах, якія знаходзяцца на вышыні 2500–3000 м над узроўнем мора, вырошчваецца Parajubaea cocoides, якая менш устойлівая да холаду і адрозніваецца павольнейшым ростам. Улічваючы вялікае падабенства да Parajubaea torallyi, а таксама праз тое, што ў прыродзе яна невядомая, мяркуецца, што гаворка ідзе аб культурнай форме Parajubaea torallyi.

У 1996 годзе была апісана Parajubaea sunkha, якая ёсць найменшым прадстаўніком гэтага роду. Яна дарастае да 8 м, расце ў некалькіх унутрыандскіх далінах у рэгіёне Валегранде, у акрузе Санта-Крус у Балівіі на вышыні 1700–2200 м над узроўнем мора. Перад дакладнай таксанамічнай праверкай яе блыталі з Parajubaea torallyi.

Вырошчваць пальмы роду Parajubaea з насення няцяжка, але для гэтага неабходна вялікая доза цярплівасці. У прыродзе насенне ўзыходзіць нерэгулярна, звычайна гэты працэс працягваецца 1,5 годы. Нейкае насеннне ў культуры ўзыходзіць праз месяц, іншаму неабходна паўгода, а трэцяму і два гады. Калі гаворка ідзе пра субтрапічны від пальмы, высокая тэмпература ўсходжасці не паскорыць, хутчэй яе запаволіць.

Перад высаджваннем насенне неабходна замачыць у цёплай вадзе на працягу 5–7 дзён, насенне разнавіднасці з вялікім насеннем нават на 2 тыдні. Ваду кожны дзень неабходна мяняць, каб яна не загнівала. Насенне (галоўным чынам разнавіднасці з вялікім насеннем) можаце трохі адшліфаваць. Вада за гэты час трапляе ў насенне і спыняе перыяд спячкі (фазу адпачынку, якая засцерагае насенне ад таго, каб яно не ўзышло падчас засухі, якая ў Балівіі здараецца ў зімовыя месяцы, г.зн. ад ліпеня да кастрычніка), і насенне пачынае ўзыходзіць. Гэтым так званая вільготная фаза заканчваецца. Не забывайце, што гаворка ідзе аб субтрапічным відзе, які расце ў сухіх рэгіёнах, а таму лішак вады ўплывае на яго негатыўна. Насенне пасля замачвання высадзіце ў вазоны ці пластыкавыя мяшочкі так, каб яно напалову вытырквалася з зямлі, тэмпература павінна быць каля 10–20 oC (ідэальны варыянт, калі ёсць розніца паміж вышэйшай дзённай і ніжэйшай начной тэмпературай). Ніжэйшая тэмпература і адносна сушэйшы субстрат ёсць галоўнае адрозненне ў вырошчванні гэтага віду пальмы ў параўнанні з бальшынёй іншых.

Пасаджанае насенне правярайце адзін раз на 3–4 тыдні, а праросшае перасадзіце ў асобныя вазоны. Некаторыя садаводы-аматары маюць добры досвед, яны спыняюць паліўку насення, якое на працягу году не ўзышло, і даюць субстрату на працягу пары месяцаў поўнасцю высахнуць. Потым насенне выбіраюць, на тыдзень замачваюць у вадзе і зноў высаджваюць. На працягу паўгода ўзыходзіць амаль усё насенне. Тое, якое не ўзышло на наступны год, зноў пакідаюць на пару месяцаў сохнуць (напамін аб перыядзе засухі, як у Балівіі) і пасля паўторнага замачвання ўсё насенне ўзыходзіць.

Усходжасць насення гэтай пальмы роўная амаль 100%, толькі Вы павінны ведаць, як абыходзіцца з ім, і таму павольнейшаму неабходна даць пару разоў пасохнуць некалькі месяцаў.

Калі Вы ўжо атрымаеце сеянец, яго вырошчваць вельмі проста, толькі ўстрымлівайцеся пры паліўцы. У маладосці пальмам лепей падабаецца паўцень (у прыродзе сеянцы растуць у ценю старэйшых дрэў), у той час як для спелых раслін неабходна поўнае асвятленне.

Род Parajubaea належыць да ліку паўднёваамерыканскіх пальмаў, якія знаходзяцца пад сур’ёзнай пагрозай знікнення. Галоўнай прычынай пагрозы ёсць знішчэнне біятопаў, пашырэнне сельскагаспадарчых угоддзяў, выкарчоўванне лясоў і празмерная пасьба жывёлы. Пальмы сустракаюцца на вельмі малой тэрыторыі, што яшчэ больш павялічвае небяспеку і магчымасць іх гібелі. Праз вялікае насенне мажлівасць распаўсюджвання пальмаў у новыя месцы абмежаваная, а іх найвядомейшым распаўсюднікам на вялікія адлегласці праўдападобна ёсць мядзведзь-акулярнік ці андыйскі мядзведзь (Tremarctos ornatus), які таксама знаходзіцца пад пагрозай знікнення ў выніку дзейнасці чалавека.

««« Папярэдні тэкст: Мы вырошчваем пэпіна Наступны тэкст: Індыйскі бук Pongamia pinnata »»»

Аўторак 30.6.2009 10:28 | надрукаваць | Пальмы

КПР прадстаўляе сябе

КПР - Клюб расьлінаводаў Славаччына
Клуб раслінаводаў ёсць добраахвотнае аб'яднанне садаводаў-аматараў са ўсяго свету. Прачытайце болей...
Падзяліцеся сваім досведам пры вырошчванні раслін. Напішыце артыкул для гэтага вэб-сайту!

Катэгорыі: Усе Вадзяныя і балотныя расліны Грыбы Пальмы Расліны Траўнік Шкоднікі Экзатычныя расліны